«Беларусы - сымбаль пратэсту для людзей ва ўсім сьвеце»

Пратэстоўцаў у Беларусі вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру. Журналіст «Радыё Свабода» Ян Максімюк размаўляе зь Нільсам Дукэ, дырэктарам Флямандзкага інстытуту міру. Нядаўна Нільс Дукэ ад імя свайго інстытуту вылучыў пратэстоўцаў супраць сфальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі міру 2021 году. — Маё першае пытаньне будзе пра тое, хто падказаў вам ідэю вылучыць пратэстоўцаў у Беларусі на Нобэлеўскую прэмію міру. На сайце вашага інстытуту я прачытаў, што гэтае вылучэньне абапіраецца «як на ўнутранае апытаньне, так і на прапановы зацікаўленых грамадзян». Ці можаце пашырыць гэтую фармулёўку?— Так. Флямандзкі інстытут міру — гэта дасьледчы інстытут у Бэльгіі, і дырэктары інстытутаў міру па ўсім сьвеце могуць прапаноўваць намінантаў для Нобэлеўскага камітэту міру. Як дырэктар нашага інстытуту я вырашыў спытацца ў людзей, як у парлямэнце, так і ў нашым грамадзтве, каго б яны запрапанавалі. Мы атрымалі некалькі прапановаў, уключна з той, якая называла пратэстоўцаў у Беларусі.