Мікалай Ракевіч: Хочацца ўбачыць нашу дзяржаву вольнай, дэмакратычнай і багатай

Найстарэйшаму сябру партыi БНФ споўнiлася 90 год. З самай раніцы, 10 лютага, сябры Слонімскай арганізацыі партыі БНФ павіншавалі найстарэйшага сябра партыі БНФ Мікалая Ракевіча з 90-годдзем з дня нараджэння. Справа ў тым, што ў 1989 годзе слонімскі настаўнік Мікалай Іванавіч Ракевіч быў адным з арганізатараў Слонімскай суполкі партыі БНФ. І ўсё пражытае свядомае жыццё займаецца грамадскай дзейнасцю, яго хвалюе лёс роднай Беларусі. Пра сваё жыццё і справы старэйшы слонімец распавёў racyja. com напярэдадні юбілею. — Мікалай Іванавіч, дазвольце Вас павіншаваць з вялікім юбілеем і пажадаць здароўя, сіл, цярпення і дабрабыту. Пражыта 90 гадоў, таму ёсць што ўспомніць, ёсць аб чым паразважаць, падвесці нейкую рысу пражытага жыцця. Раскажыце трохі пра сябе. - Я нарадзіўся ў лютым у вёсцы Ваўчкі на Слонімшчыне ў 1931 годзе ў сялянскай сям’і. Калі мне споўнілася 7 гадоў я пайшоў вучыцца ў польскую школу ў Клепачы, таму што Азярніцкая школа была перапоўненая вучнямі. Там я скончыў першы клас.