![]()
Kаб любоў, прабачэнне, законнасць, пашана адзін да аднаго запанавалі ў нашай Бацькаўшчыне. У нядзелю 7 лютага Ганаровы Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч наведаў Магілёў, дзе памаліўся з мясцовымі вернікамі і правёў сустрэчу з духавенствам Магілёўскага рэгіёну, піша catholic. by. Па запрашэнні Біскупскага вікарыя для горада Магілёва і Магілёўскай вобласці біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB, у пятую Звычайную нядзелю арцыбіскуп Кандрусевіч узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ў старажытнай магілёўскай катэдры Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Станіслава ў інтэнцыі падзякі Богу за 75 гадоў жыцця і за вяртанне на радзіму. Сустрэча іерарха з вернікамі Магілёўшчыны стала таксама выразам яго удзячнасці ім за малітоўную падтрымку ў цяжкі час выгнання. У прамоўленай на Імшы гаміліі арцыпастыр напачатку звярнуў увагу на тое, што літургічныя чытанні пятай Звычайнай нядзелі вучаць таму, як пазбягаць песімістычнага і погляду на жыццё і адчаю. Ён адзначыў, што, на вялікі жаль, гэтыя з’явы у апошні час сталі сустракацца ўсё часцей.