Апошняя стадыя маразму рэжыма

Колеры белыя і чырвоныя з’яўляюцца сімваламі з рэлігійным хрысціянскім зместам. Ад нядаўна, дзякуючы СМІ, стала вядома, што Генеральная пракуратура РБ, несумненна па просьбе «не раўнадушных грамадзян», рыхтуе пакет дакументаў «аб прызнанні экстрэмісцкімі бел-чырвона-белага сцяга і іншай сімволікі», піша ксёндз Вячаслаў Барок. А пры чым тут хрысціяне і Хрыстос? А пры тым, што так ужо склалася ў традыцыі хрысціянскай культуры, што колеры белыя і чырвоныя, як і само спалучэнне колераў, і ў прыватнасці па схеме БЧБ, з’яўляюцца сімваламі з рэлігійным хрысціянскім зместам. Вядома, што БЧБ – гэта таксама дзяржаўны сцяг РБ у перыяд (19. 09. 1991 – 7. 06. 1995). Але, нават сам стваральнік эталону сцяга, мастак Мікола Купава, ў разважаннях пра сімволіку і значэнне колераў сцяга робячы алюзію да стужакак бчб на літургічным адзенні ў праваслаўнай традыцыі, сцвярджае: «Бел-чырвона-белыя палоскі, сімвалізуюць кроў Хрыста. . » (інтэрв’ю «Народная Воля»). Безумоўна, яго меркаванне абсалютна адпавядае хрысціянскаму навучанню і культурнай традыцыі.