Берасьцейская актывістка «Еўрапейская Беларусі» Паліна Шарэнда-Панасюк ужо месяц у СІЗА

Вінаватай сябе актывістка не прызнае. Амаль месяц актывістка «Еўрапейская Беларусі» зь Берасьця Паліна Шарэнда-Панасюк пад вартай у СІЗА Берасьця. Яе муж Андрэй Шарэнда дома гадуе сыноў 5 і 11 гадоў, перадае «Радыё Свабода». Блізкія не атрымліваюць ад Паліны лістоў. Дасылалі малюнкі дзяцей, але і на гэтыя лісты адказу не атрымалі. «Быў кароткі ліст ад Паліны, калі яе толькі затрымалі, а потым цягам амаль месяца ад яе не прыйшло ніводнага ліста. Ад адваката ведаем, што яна 5–6 разоў адпраўляла лісты мне, адказвала на лісты сыноў, але мы нічога не атрымалі, ліставаньня зь сябрамі таксама няма. Мяркую, гэта форма запалохваньня — што пакуль будзеш сядзець, нічога ня будуць пра цябе ведаць», — кажа муж актывісткі Андрэй Шарэнда. Паліна Шарэнда-Панасюк — выкладчыца польскай мовы, індывідуальны прадпрымальнік. Муж і жонка Шарэнды — вядомыя ў Берасьці актывісты дэмакратычнага руху, іх шматкроць каралі штрафамі і арыштамі. Гэтым разам Паліну затрымалі 3 студзеня, за дзень, як выйшаў зь СІЗА яе муж Андрэй, якога кінулі за краты напярэдадні Новага году.