У Залешанах упершыню маліліся да Святых пакутнікаў Падляшскай зямлі

Усе беларусы, што сталі ахвярамі «Бурага», былі кананізаваныя. Ля крыжа ў Залешанах упершыню маліліся да Святых пакутнікаў Падляшскай зямлі, перадае «Радыё Рацыя». Сярод вянкоў ля памятнага Крыжа ў цэнтры вёскі з надпісам «Няхай зямля вам будзе пухам» з бел-чырвона-белымі кветкамі – вянок ад Беларускага гістарычнага таварыства і «Нашай памяці». «Памяць пра гэта засталася. І гэта неад’емная частка нашай памяці, як беларусаў. Бачу, як штогод яна усё ж такі больш ушаноўваецца ў такіх сталых формах – узнік манастыр і царква», – гаворыць гісторык Алег Латышонак. Ураджэнец Залешанаў Сяргей Нічыпарук: «Хто ж спадзяваўся, што ўсе ахвяры «Бурага» стануць святымі. І якія будуць маліцца за нас. Мне вельмі цяжка, бо палова з іх – гэта мая сям’я». Заснавальніца манастыра ў Залешанах ігумення Кацярына: «75 гадоў мінае з часу, калі былі спаленыя Залешаны. Аднак дабро перамагло. Акрамя гэтай трагедыі, гэта пазітыўны пасыл да людзей». У мінулым годзе Сабор Епіскапаў Польскай Праваслаўнай Царквы ўключыў загінулых ад рук салдатаў польскага ўзброенага падполля пад камандаваннем капітана Рамуальда Райса, псеўданім «Буры» ў лік Святых пакутнікаў Падляшскай зямлі.