Пратэст ператвараецца у нацыянальна-вызвольны рух

Яшчэ адзін парадокс беларускай рэвалюцыі. Пляны прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг экстрэмісцкім рэзка павышаюць маштаб канфрантацыі ў грамадзтве. Цяпер гэта проста «незарэгістраваная сымболіка», за выкарыстаньне якой грамадзяніна прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасьці. Пасьля прызнаньня бел-чырвона-белага сьцяга экстрэмісцкім ягонае выкарыстаньне будзе лічыцца крымінальным злачынствам і карацца паводле артыкулаў аб экстрэмізьме. І згадваць яго публічна, напрыклад у СМІ, можна будзе, толькі дадаючы, што гэта забароненая ў Беларусі экстрэмісцкая сымболіка. Як у Расеі згадваецца «Ісьлямская дзяржава». Можна яскрава ўявіць маштаб палітычных рэпрэсій, які чакае краіну. Фактычна аб’явілі вайну ня толькі нацыянальнай сымболіцы, а беларушчыне як зьяве. Зьнішчаюцца крамы, якія распаўсюджвалі сымболіку, сувэніры, літаратуру ў Менску, Берасьці, Віцебску, Горадні, Воршы. Пачаўся перасьлед кнігавыдаўцоў. Наносіцца ўдар па асяродках беларушчыны. Гэта азначае рэзкую палітызацыю ідэалягічнага, каштоўнаснага супрацьстаяньня.