«Рэчы, якія варушацца ў душы»

Андрэй Хадановіч прачытаў у Польшчы свае новыя вершы і пераклады. Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч цяпер на трохтыднёвай творчай стыпэндыі ў Міжнародным цэнтры дыялёгу ў Краснагрудзе ў Польшчы, блізка польска-літоўскай мяжы. Падчас размовы зь Янам Максімюком ён прачытаў свае новыя вершы і пераклады, перадае «Радыё Свабода». «Стыпэндыя, на якой я цяпер, прызначаная адмыслова для беларускіх літаратараў, каб яны маглі крыху адпачыць у Краснагрудзе і прысьвяціць сябе выключна літаратурным справам. Я другі бэнэфіцыяр, першай стыпэндыяткай напрыканцы мінулага году была Ганна Янкута. Сёньня нельга цалкам ізалявацца ад сьвету, нават у Краснагрудзе. Праз ZOOM я праводзіў майстар-клясы з маладымі літаратарамі ў Менску, чытаў лекцыю для маладых музыкаў, вёў унівэрсытэцкія заняткі і нават прымаў іспыты. Але ў Краснагрудзе я ўсё-ткі жыву паводле іншага календара і працоўнага часу, чым у Менску. Бывала, заседжваўся да 3-й гадзіны ночы. У Краснагрудзе я разьбіраў з маладымі літаратарамі свой пераклад «каляднага верша» Іосіфа Бродзкага, які зрабіў за некалькі дзён да стыпэндыі.