Выратаваць баявога Кудзіна

Гісторыя волата, які даў адпор АМАПу. У жніўні ён выйшаў у цэнтр роднага Маладзечна і надаваў кухталёў міліцыянерам, якія намагаліся разагнаць пратэст. У лістападзе ўпотай — як сам казаў, у багажніку аўтамабіля — выехаў з Беларусі, каб пазбегнуць крымінальнага пераследу. Тады ж выклаў у сацсеткі фота з геалакацыяй у Парыжы, але ў студзені быў нечакана затрыманы ў Маскве. Гэта ўсё — пра Аляксея Кудзіна. 36-гадовага байца змешаных адзінаборстваў, шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу, бацьку пяці дзяцей. І аднаго з самых яскравых сімвалаў беларускага пратэсту, які не здолеў цярпець несправядлівасць і цяпер знаходзіцца на мяжы свабоды і шматгадовага зняволення. Паміж Парыжам і МасквойДва месяцы пасля вымушаных уцёкаў з краіны Кудзін не даваў значных інфармацыйных нагодаў. Пра яго было амаль не чуваць. Зрэдку ён выходзіў на сувязь з журналістамі — і распавядаў, як прагне пераменаў, як хоча вярнуцца на радзіму і як раскідваў маладзечанскіх сілавікоў на гарадской плошчы.