Сяргей Законнікаў: У Беларусі і Расіі адбываецца змаганне дабра са злом

Народ патрабуе галоўнага. Кожны чалавек мае сваю праўду і хоча яе адстаяць. Але рана ці позна ўсіх ставіць на месца рэальнае жыццё. Яно не спыняецца і не любуецца тым, што атрымалася, а проста ідзе наперад. Людзі нараджаюцца, растуць, радуюцца, пакутуюць, інтрыгуюць, нават забіваюць, а жыццё прагне спакою, міру і працягу, пiша Сяргей Законнікаў для sn-plus. com. У зямны свет любы з нас прыходзіць не для таго, каб учыняць канфлікты, а з абавязкам у меру здольнасцяў зрабіць нешта новае, лепшае, падзяліцца дасягнутым з усімі, упрыгожыць чалавечае жыццё. На жаль, знаходзяцца індывіды, якім здаецца, што грамадства павінна круціцца ля іх, як Зямля вакол Сонца, а самі яны нарадзіліся для таго, каб кіраваць мільёнамі людзей. Але гісторыя сведчыць, што фанатычная згуртаванасць вакол дыктатараў, культы асобаў ніколі не былі прадумовай выхаду народа да прыстойнага жыцця. Яскравы прыклад — Гітлер і Сталін. Захапленне дыктатарамі-»нарцысамі», якім бы апантаным ні было, заканчваецца драматычна.