Беларусь стала пляцоўкай для небяспечных атамных эксперыментаў?

Aдбываецца тое, пра што папярэджвалі не толькі беларускія эколагі, але і беларускія палітыкі. Люблю корпацца ў старой тэхніцы, і ў тэхніцы ўвогуле. Нядаўна мне аддалі cтарую відэакамеру SONY. Усе, хто разбіраецца ў відэакамерах, кажуць: «Навошта? Цяпер тэлефоны здымаюць лепш, чым яна!» А мне цікава: ці змагу я яе прымусіць працаваць, як ёй належыць?Але гэтая мая цікаўнасць да тэхнікі не ідзе ні ў якое параўнанне з аналагічнай цікаўнасцю прадстаўнікоў урада і Міністэрства энергетыкі. Дзеля сваіх забавак яны адгрохалі цэлую атамную станцыю. І цяпер ганяюць яе на розных рэжымах, спрабуючы зрабіць тое ж самае, што і я, — прымусіць яе працаваць так, як і належыць. І не толькі «як належыць», але і правяраюць яе на трываласць. 12 студзеня паведамлялася, што рэактар на АЭС выведзены на 100% магутнасці. Згодна з гэтым паведамленнем, «цеплавая магутнасць блока складае 3200 МВт, электрычная магутнасць — 1170 МВт. На гэтым узроўні магутнасці на энергаблоку, у адпаведнасці з праграмай этапу доследна-прамысловай эксплуатацыі, працягнуцца статычныя і дынамічныя выпрабаванні», — канстатавала прэс-служба Мінэнерга Беларусі.