Самакат Belarus

Чаму нашую рэвалюцыю не разбіць, не спыніць і не стрымаць. Апошнія месяцы часта даводзіцца чуць ад замежнікаў адно і тое ж пытанне: чаму беларусы 26 гадоў маўчалі, а ўлетку 2020 раптам перасталі маўчаць? Нават два пытанні, і на абодва паспрабаваў адказаць у тэксце, які — яшчэ колькі месяцаў таму — напісаў для міжнароднага праекту з актуальнай для нашага часу назвай «Каўчэг «Тытанік»». 1. Не ведаю, ці плённая гэта ідэя — прапанаваць напісаць эсэ пра каўчэг «Тытанік» жыхару і грамадзяніну непапраўна сухапутнай краіны? Нават балоты ў Беларусі збольшага асушылі меліяратары, а калі б і здарыўся які вялікі патоп, то куды выпускаць голуба па аліўкавую галінку? Арарат далёка, а найвялікшая гара — 345 метраў вышынёй, да таго ж носіць імя Дзяржынскага. Так што адштурхоўвацца, ва ўсіх сэнсах, давядзецца ад зямлі. Прыкладна так, як кіроўцу самаката. Дарэчы, вось і добры сімвал для маіх развагаў знайшоўся — і пасуе ён прынамсі з дзвюх прычынаў: тэхналогіі руху і паэтычнай этымалогіі. Тэхналагічна найпрасцейшы самакат сканструяваны так, што ніякага рухавіку няма і, адпаведна, ніякай дапамогі ў руху яму, як і Беларусі, чакаць не даводзіцца.