Былы участковы: На вуліцах шмат свабодных людзей, і вы не сядзіце ў кватэрах

Як 22-гадовага Аляксандра Кучынскага звольнілі за верш. 22-гадовы Аляксандар Кучынскі з Нарачы працаваў участковым інспэктарам міліцыі ў Мядзельскім РАУС. Яго звольнілі 14 сьнежня 2020 году «за разьмяшчэньне інфармацыі, якая дыскрэдытуе дзяржаўныя органы, што пацягнула за сабой прычыненьне шкоды іміджу і аўтарытэту органаў унутраных спраў», перадае «Радыё Свабода». Аляксандар захварэў на каранавірус і выйшаў на працу 10 сьнежня. Кажа, што і не падазраваў, што супраць яго праводзіцца службовая праверка. На наступны дзень па абедзе начальнік паклікаў у кабінэт, дзе яму сказалі знаёміцца з матэрыяламі праверкі. Потым забралі пасьведчаньне і жэтон, паехалі дахаты, забралі форму. «Канкрэтна ў заключэньні праверкі было ўказана, што разьмясьціў верш, на які ёсьць спасылка „ЎКантакце“», — сказаў Аляксандар. Фото: «Радыё Свабода» Паводле правяраючых, гэты верш выклікаў вялізны грамадзкі рэзананс, то бок набраў больш за сто праглядаў. Аляксандар спрабаваў гэта абвергнуць у рапарце.