«Кандрусевіч аб’яднаў нас усіх»

Рэпартаж з мястэчка, дзе 30 гадоў таму вуліца Леніна стала вуліцай імя каталіцкага арцыбіскупа. Трыццаць гадоў таму ў маленькім Адэльску, што на мяжы з Польшчай, назвалі вуліцу імем свайго земляка, тады яшчэ ня надта вядомага, а цяпер знакамітага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Дагэтуль падзел на сваіх і чужых тут выразны. Як жыве мястэчка пасьля выгнаньня і вяртаньня экс-галавы беларускіх каталікоў, — у рэпартажы «Радыё Свабода». У памежным Адэльску ўсяго дзьве галоўныя вуліцы, што крыжам перасякаюць мястэчка, — Школьная і Кандрусевіча. Калі першая назва сустракаецца бадай што паўсюль у Беларусі, то другой няма больш нідзе. У цэнтры мястэчка — касьцёл, побач — помнікі Леніну і сьвятому Антонію. Апошні вынесены за плот касьцёла. Помнік сьвятому на сьвецкай тэрыторыі для Беларусі рэдкасьць. Як ідзеш па вуліцы, цябе відаць, бы на далоні. У першыя сьвяточныя дні новага году людзей у мястэчку вобмаль. Але калі ты чужы, чакай, што да цябе неўзабаве прыедуць памежнікі — правераць пашпарт і мэту візыту.