![]()
Хто не верыць, што цуды здараюцца, той хай гэтую гісторыю нават не слухае. Яна магла б расхістаць яго каменнае перакананне, што жыццё — гэта нудота, галеча і пакуты, а горш за ўсё жывуць звычайныя людзі ў інфарктавым сэрцы Еўропы. Але тым, хто яшчэ не пачуваюцца дахадзягамі і народам палёў пахавальных урнаў і ў каго з вачэй не пазірае абвуглены торс усіх надзей, — тым прагрызціся праз гэтую гісторыю было б варта. Бо такія павераць у немаўлятка Ісуса, які носіць падарункі, нават калі б пачуваліся сто разоў дарослымі!На вуліцы Стралецкай пад лёгкаатлетычным стадыёнам у Ябланцы-над-Нісай, з якога ў неба лётаюць дзіды залатой алімпійкі Бары Шпатакавай, у арандаванай віле жыла сям’я доктара Нэпавіма. Ён трымаў прыватную фельчарскую практыку па скурных хваробах, пашыраў асвету, змагаючыся з полавымі захворваннямі, што густа рассеяліся па краі, нават наведваў мясцовыя школы з рагатлівымі прышчавымі падлеткамі, а таксама праводзіў прыёмы ў гарадской бальніцы і рукамі ды нагамі адхрышчваўся ад удзелу ў муніцыпальнай палітыцы, бо на інтрыгі ніякія тэрмометры, пігулкі, прамыванні, клісціры і дакладныя метады не дзейнічаюць, у інтрыгах жыве хаос і нелагічнасць, і яшчэ злая воля, а доктар Нэпавім быў выключна практычны чалавек.