![]()
Праваслаўныя вернікі адзначаюць Божае Нараджэнне. «Радыё Рацыя» публiкуе віншаванне архіепіскапа Арцемія з нагоды свята Хрыстовага нараджэння. ВЫСОКАПРААСВЯШЧЭННЕЙШАГА АРЦЕМІЯ,АРХІЕПІСКАПА ГРОДЗЕНСКАГА І ВАЎКАВЫСКАГА,З НАГОДЫ СВЯТА ХРЫСТОВАГА НАРАДЖЭННЯСардэчна вітаю ўсіх вас і ад усёй душы віншую са святам Хрыстовага Нараджэння! Мы зноў становімся перад абліччам вялікай таямніцы Богаўцялеснення, калі абяцаны старажытнаму народу Месія прыходзіць у свет як Сын Божы, Які стаў Сынам Чалавечым. Сам Бог ва ўсёй Сваёй Боскай велічы вырашыў як Чалавек пражыць наша чалавечае жыццё і як Чалавек увайсці і ў нашу чалавечую смерць. Каб апынуцца там, у гэтым пекле, і, здзейсніўшы над ім Сваю Пасхальную перамогу, адкрыць чалавеку шлях да збаўлення і жыцця вечнага. Такі выбар Бога – зрабіць крок да чалавека, увайсці ў яго знявечаны лёс і прапанаваць яму Збаўленне праз Сваю Любоў і Свой Крыж. А выбар чалавека – прыняць і адгукнуцца, адкрыць у сабе веру і любоў або застацца безуважным, халодным, нячулым.