Трымайся, Кацюша!

Калі чалавек паступае паводле сумлення, ягонае жыццё не можа быць знявечана. Мая каханая! Пісаць жонцы ў турму — гэта цяжкое пакаранне. Віншаваць жонку ў турме з навагоднімі святамі і рабіць гэта праз адкрыты ліст, бо звычайныя лісты да яе не прапускаюць цэнзары, — пакаранне яшчэ больш цяжкае. Але іншай магчымасці сказаць табе «З Новым годам і Калядамі!» я проста не маю. Ці разумелі мы, што такое з намі можа здарыцца? Канешне. Памятаеш, як мы яшчэ ў ліпені склалі для нашых блізкіх «памятку сваякам палітвязняў»? Гэта была своеасаблівыя інструкцыя на той выпадак, калі нас абодвух арыштуюць. У гэтым сэнсе ты мела пэўную фору перад некаторымі іншымі зняволеннымі — думаю, шмат хто з іх нават не ўяўляў сабе, што выказванне свайго меркавання, сумленнае выкананне сваіх прафесійных абавязкаў або проста праява салідарнасці можа каштаваць ім свабоды. На жаль, многія беларусы да 2020 года да канца не разумелі, у якой краіне жывуць. А вось мы з табою цудоўна ўсведамлялі гэта і рыхтавалі сябе да таго, што за нашыя перакананні мы можам трапіць у турму.