Тадэвушу Кандрусевічу — 75 год!

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі адзначыць юбілей службай у менскай архікатэдры. 3 студзеня мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч адзначаць сваё 75-годзьдзе. Як удакладняецца на сайце Сatholic. by, уласна сьвяткаваньне юбілею пераносіцца на пазьнейшы час у зьвязку з каранавірусам, аднак у гэты дзень у менскай архікатэдры Найсьвяцейшага Імя Марыі арцыбіскуп будзе цэлебраваць Імшу (аб 11. 30 і 13. 00). «Час няўмольна ідзе наперад і 3 студзеня, калі Бог дазволіць, буду адзначаць юбілей 75-годзьдзя, — гаворыцца ў звароце Тадэвуша Кандрусевіча да вернікаў. — Знаходзячыся за мяжой і ня будучы ўпэўнены ў тым, калі вярнуся, загадзя не плянаваў адмысловых урачыстасьцяў. Свае карэктывы ўносіць таксама і пандэмія каранавірусу. У сувязі з гэтым юбілейныя ўрачыстасьці пераносяцца на пазьнейшы і больш прыдатны час». 24 сьнежня Тадэвуш Кандрусевіч змог вярнуцца ў Беларусь пасьля чатырох месяцаў выгнаньня — улады абвінавацілі яго ў тым, што ён нібыта езьдзіць у Польшчу «па інструкцыі».