Івонка Сурвіла — беларусам: З Божай помаччу вы пазбавіце ўзурпатара ўлады

Старшыня Рады БНР звярнулася да суайчыннікаў перад Новым годам. Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла выступіла са зваротам да беларускага народу. «Радыё Свабода» апублікавала ягоны тэкст. «Напярэдадні сьвята Боскага Нараджэньня і надыходзячага Новага году зьвяртаюся да вас, мае дарагія сябры, каб сказаць вам, як я моцна ганаруся вамі, і з глыбіні сэрца пажадаць вам добрага, памыснага і здаровага 2021 году, — гаворыцца ў звароце. — Дзякуючы вашаму гераізму і вашай годнасьці здабылі вы для Беларусі ў гэтым 2020 годзе спэцыяльнае месца ў сэрцах добразычлівых людзей усяго сьвету. Удзячная кожнаму з вас, хаця і баліць сэрца дзела пакутаў, якія вам прышлося перанесьці. Ваш уздым мне моцна дапамог перажыць асабістую бяду, якая мяне напаткала ў красавіку гэтага году — страту дачкі. За гэта таксама вам моцна ўдзячная. Адначасна ніколі не дарую ўзурпатару ўлады ў Беларусі за ягоны зьдзек над вамі. Не хапіла яму брутальна хапаць вас падчас вашых мірных пратэстаў на вуліцах беларускіх гарадоў.