Сяргей Абламейка: Сёлета я ўбачыў адукаваную і культурную эўрапейскую нацыю беларусаў

Гісторыя — вельмі непрадказальная штука. «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» — найлепшая паводле вэрсіі «Радыё Свабода» кніга 2020-га ў намінацыі «нон-фікш». Зьмест кнігі склалі 25 эсэ доктара гісторыі, літаратара і журналіста Сяргея Абламейкі. У інтэрвію Свабодзе аўтар расказвае, як узьнікла ідэя кнігі, як яна пісалася і што новае і нечаканае даведаюцца чытачы зь яе старонак. Пра што кніга «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі». СьціслаУ сваёй кнізе «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі» Сяргей Абламейка па-новаму паглядзеў на ролю і значэньне кіраўніка антырасейскага вызвольнага паўстаньня 1863–64 гадоў. «Азначэньне „герой“ — неадпаведнае постаці Кастуся Каліноўскага, яно недакладна вызначае ролю гэтага чалавека ў беларускай гісторыі. Герояў беларусы маюць шмат, а Каліноўскі ў нас адзін», — кажа аўтар. І ў дваццаці пяці гісторыка-філязофскіх эсэ пераканаўча даводзіць, што Каліноўскі — гэта бацька новай беларускай дзяржаўнасьці. — Як і калі ўзьнікла задума кнігі «Каліноўскі і палітычнае нараджэньне Беларусі»? Ці паўплывалі на яе падзеі, зьвязаныя з адшуканьнем парэшткаў Кастуся Каліноўскага і ягоных паплечнікаў ды ўздым нацыянальнага духу ў часе іх пахаваньня ў Вільні ў лістападзе 2019 году? — Вядома, адшуканьне парэшткаў паўплывала самым непасрэдным чынам.