![]()
Віншаванне на ўрачыстасць Божага Нараджэння біскупа Антонія Дзямянкі. «Няхай Сын Божы прынясе давер туды, дзе пануе сумненне, а роспач і абыякавасць пераменіць у шчырую любоў і радасць жыцця», — жадае біскуп Пінскі. Віншаванне на ўрачыстасць Божага Нараджэння біскупа Антонія Дзямянкі апублікаваў catholic. by:- Дарагія браты і сёстры ў Хрысце!З нагоды святаў Божага Нараджэння і Новага года жадаю, каб гэты незвычайны для ўсіх нас час мы перажывалі як дар Божага Провіду ў будаванні лепшай будучыні. Няхай асаблівасць перажывання сёлетніх святаў і тыя жыццёвыя выклікі, якія стаяць перад намі, дапамогуць кожнаму з нас адкрыць для сябе нешта новае і добрае. Нараджэнне Хрыста напоўніла свет зусім іншым глыбінным сэнсам. Няхай таксама і нам перажыванне таямніцы калядных святаў дапаможа адкрыць новыя перспектывы ў адносінах з Богам і бліжнім. Няхай Бог, які стаўся Чалавекам, учыніць усіх людзей яшчэ больш чалавечнымі, каб усе памяталі, што мы створаныя па Яго вобразу і падабенству. Каб кожны з нас няспынна ўзрастаў у веры, не губляў надзеі, а перадусім любіў Бога і ўзлюбленае Ім стварэнне.