Апостальскі Нунцый ў Беларусі: Няхай свята Яго Нараджэння стане часам перамогі святла над цемраю

Антэ Ёзіч перадаў благаслаўленне Папы Францішка ўсяму беларускаму народу. Апостальскі Нунцый Антэ Ёзіч кіруе словы віншавання з Божым Нараджэннем вернікам Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і прадстаўнікам іншых хрысціянскіх канфесій, а таксама перадае благаслаўленне Папы Францішка ўсяму беларускаму народу. Віншаванне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Антэ Ёзіча са святам Божага Нараджэння і Новым, 2021 годам апублікаваў сайт catholic. by:- Дарагія браты і сёстры,у гэтыя святочныя дні я звяртаюся са словамі віншавання перадусім да вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі і да хрысціянаў, якія разам з намі адзначаюць Нараджэнне Хрыста. Няхай Збаўца, які дзве тысячы гадоў таму нарадзіўся ў Бэтлееме, напоўніць нас радасцю і супакоем. Няхай свята Яго Нараджэння стане часам міру і згоды, часам перамогі святла над цемраю, а любові — над нянавісцю. Я звяртаюся таксама да нашых праваслаўных братоў і сясцёр і тых, хто будзе перажываць свята Божага Нараджэння праз два тыдні. Хоць мы святкуем у розны час, аднак нас аб’ядноўвае адзіная радасць.