Вальжына Морт: Тое, што адбываецца ў Беларусі — сапраўдная паэзія, увасобленая ў цэлай краіне

Беларуска-амерыканская паэтка распавяла аб сваёй новай кнізе. Вальжына Морт — беларуска-амэрыканская паэтка, жыве ў горадзе Ітака ў штаце Нью-Ёрк, дзе выкладае ў прэстыжным Карнэльскім унівэрсытэце, у якім у 1948-1959 гг. выкладаў расейска-амэрыканскі пісьменьнік Уладзімір Набокаў, паведамляе «Радыё Свабода». Сёлета ў ЗША ў выдавецтве Farrar, Straus & Giroux выйшаў паэтычны зборнік Вальжыны Морт «Music for the Dead and Resurrected» («Музыка для мёртвых і ўваскрэслых»), залічаны літаратурнай крытыкай у топ паэтычных выданьняў 2020 году ў ЗША. Ітака на зямлі каюга«У нас тут назвы падзяляюцца на дзьве катэгорыі. Гэта грэцкія назвы, зь міталёгіі. А таксама індзейскія назвы, бо тут раней жылі некалькі плямёнаў індзейцаў. Тут, дзе жывём мы, некалі жыло племя каюга, таму наша возера тут называецца Каюга. Каюга — гэта таксама людзі, якія жывуць ля возера. Кожнае нашае мерапрыемства ў Карнэльскім унівэрсытэце пачынаецца са словаў памяці, з таго, на чыёй зямлі мы знаходзімся. Мы выказваем словы павагі да мясцовага насельніцтва».