Хіба могуць пра нешта дамовіцца электрамабіль з яшчаркай?

На беларускіх вуліцах сутыкнуліся два розныя светы, дзве цывілізацыі. Помню, як уразіла мяне адна тэлекарцінка: па камяністым плато недзе ў Пакістане імкліва рухаўся суперсучасны электрамабіль, а ад яго ў розныя бакі разбягаліся даўгахвостыя яшчаркі. Падумалася тады пра сустрэчу розных светаў – аднаго, нязменнага цягам тысячагоддзяў, і другога, які сямімільнымі крокамі ідзе наперад, развіваецца і самаўдасканальваецца. Зразумела, што паразумецца гэтым светам немагчыма, як немагчыма і мірна суіснаваць. Таму наканавана ім змагацца між сабой – за жыццёвую прастору, за род і народ свой, за яго будучыню. Тую тэлекарцінку я апошнім часам прыгадваю ўсё часцей – пасля чарговага палявання безыменных і бястварых істот у чорных балаклавах на людзей. Прыгадайма, як на пачатку пратэстаў удзельнікі мірных шэсцяў спрабавалі размаўляць з імі, у нечым пераконваць, дзяўчаты намагаліся падарыць ім кветкі. Сёння – ні размоў, ні пераконванняў, ні кветак. Бо прыйшло разуменне: на беларускіх вуліцах сутыкнуліся два розныя светы, дзве цывілізацыі, якім не дадзена ўжыцца ў адным часе і ў адной краіне.