![]()
Ад 8 лістапада «Міс Беларусі» Вольгу Хіжынкову трымаюць на Акрэсціна. «Міс Беларусі–2008», былая прэс-сакратарка брэсцкага «Дынама», мужная дзяўчына і — цяпер ужо дакладна — адзін з сімвалаў беларускага пратэсту–2020. 8. 11. 2020Яе затрымалі акурат у дзень нядзельнага маршу. Тады пратэстоўцы збіраліся яшчэ ў цэнтры Мінска, хоць сілавікі прыкладалі ўсё больш намаганняў, рэсурсаў і жорсткасці, каб выціснуць дзясяткі тысяч беларусаў з сэрца сталіцы, ад Стэлы, з Нямігі і праспекта Пераможцаў. Ужо тады гэтую лакацыю загадзя, амаль ад ранку, бралі ў аблогу характэрныя бусікі ды аўтазакі з закратаванымі вокнамі-байніцамі, а людзі ў балаклавах маглі затрымаць на пустэльных вуліцах любога, за каго чапляўся позірк. За Вольгу з яе мадэльнай знешнасцю не зачапіцца было цяжка. Расказваюць, яе не збянтэжыла чорнае мноства невядомых паблізу плошчы Свабоды. Яна спакойна ішла, кіруючыся ў бок Палаца спорту, і несла ў руках букет. Тлумачэнне, што кветкі прызначаныя сяброўцы з нагоды дня нараджэння, не зрабілі належнага ўражання на амапаўцаў, і дадому ў той дзень Вольга Хіжынкова не вярнулася.