![]()
Беларусы ўмеюць так рабіць — упірацца і стаяць як вол, як зубр, уперціся рогам. Настаўніца, пісьменьніца, літаратуразнаўца Ганна Севярынец распавяла «Радыё Свабода» пра затрыманьне сілавікамі смалявіцкіх гімназістаў, пра рэпрэсіі супраць непаўналетніх і старых, табу для «людзей у чорным» і самы галоўны вынік 2020 году. Пра затрыманьне смалявіцкіх гімназістаўЯ вучыла іх шэсьць гадоў, гэта мае любімыя дзеці, гэта сардэчная мая кляса. Я перажываю за іх як за сваіх насамрэч. Як іх настаўніца я думаю, што яны маюць добрую базу ўнутры, каб гэтую гісторыю адрэфлексаваць, зрабіць добрыя высновы і каб потым, калі яны вырастуць і ў іх будуць свае дзеці, ніколі не рабіць так, як цяпер робяць недасьведчаныя дарослыя старога ўзору. У панядзелак у гімназію мусіў прыйсьці інспэктар у справах непаўналетніх, але не прыйшоў. І гэта ясна: пра што ён мусіў размаўляць зь дзецьмі? Што яны па вуліцы ня могуць хадзіць? Гэты выпадак і ўсё, што навокал, — для мяне дастаткова балюча. Гэта высьвечвае ўсе праблемы ня ўнутраных органаў (зь імі даўно ўсё зразумела і няма чаго камэнтаваць), а праблемы грамадзтва.