![]()
Гадзіннік адбівае пераможны час. Не ведаючы, як задушыць прагу людзей да волі, справядлівасці і лепшага жыцця, улада з новай сілай пачала змагацца са сцягамі. Іх зрываюць і топчуць, вырубаюць з-пад ільду і высякаюць з дрэваў, зафарбоўваюць і затынкоўваюць, зразаюць і выпальваюць. За іх штрафуюць і саджаюць на суткі. Але кожны дзень яны з’яўляюцца зноў. БЧБ-сцягі, бчб-рушнікі, елкі, снегавікі, сняжынкі, шкарпэткі, ліхтары, гірлянды, дзіцячыя горкі, кветнікі… Бясконцы спіс. Бясконцая фантазія свабодных людзей. Кажуць, з набораў каляровага кардону зніклі чырвоныя аркушы. У кафетэрыях забараняюць вырабляць бчб-жэле. Дзесьці здымаюць з продажу чырвоныя тканіны. Барацьба з бел-чырвона-белым выходзіць на новы ўзровень. Гэта ўжо не проста змаганне з сімвалам. Гэта вар’яцкі навязлівы страх. Страх таго, што раптам якім-небудзь марозным ранкам бел-чырвона-белы сцяг залунае на Карла Маркса, 38. Лунае, нескароны,На векавых вятрахНаш, ад крыві чырвоны,Ад болю белы, сцяг. Наш бел-чырвона-белы,Нябесны, вольны, смелы,Наш бел-чырвона-белы,Наш сцяг! Наш сцяг! Наш сцяг!Гэты верш Уладзіміра Някляева набыў у гэтым годзе асаблівы сэнс.