Альгерд Бахарэвіч: Пачалася рэвалюцыя — і нібы нейкая новая раса прызямлілася на беларускія вуліцы

Беларусаў цяпер не пазнаць. Пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч даў вялікае інтэрвью «Радыё Свабода» пра рэвалюцыю ў Беларусі. «Зло цяжка перамагчы найперш таму, што яно прымітыўнае»— Альгерд, я дагэтуль пад уражаньнем твайго вельмі моцнага і шчырага тэксту — фармальна пра часовы ад’езд у рамках літаратурнай стыпэндыі, але сутнасна — пра тое, чым ты жывеш і дыхаеш. Паспрабуйма ўкласьці нашу размову не ў традыцыйным ключы — чаму зьехаў, калі вернесься і што думаеш пра рэжым, а ў іншых катэгорыях — маральна-этычных, філязофскіх, літаратурных. Ці можа Зло быць нікчэмным? Калі Зло прымітыўнае і прыземленае, чаму яго цяжка перамагчы?— Я проста паспрабую паразважаць уголас. Напэўна, асноўная слабасьць Зла і яго нікчэмнасьць — у тым, што Зло ня здольнае нічога ствараць. Сутнасьць Зла — разбурэньне. Разбурэньне і аднаўленьне самога сябе. Зло ў тым выглядзе, у якім яго ўвасабляе сёньняшняя беларуская дзяржаўная сыстэма, скіраванае выключна на зьнішчэньне ўсяго жывога, вольнага, творчага, таго, што расьце, таго, што нараджаецца чалавечым духам і чалавечым розумам.