Зьміцер Казлоў: Людзі пачынаюць адчуваць сябе народам

Пра што піша зьняволены блогер Шэры кот. Палітвязень Зьміцер Казлоў (блогер Шэры кот), якога трымаюць у менскім СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага, перадаў, што ў ягонай справе «ўсё пакуль ціха, няма ніякага руху». Пра гэта ён піша ў лісьце, які атрымала літаратарка Паліна Сьцепаненка, паведамляе «Радыё Свабода». 32-гадовы блогер з Барані Зьміцер Казлоў быў затрыманы 10 чэрвеня разам з актывістамі «Эўрапейскай Беларусі» Арцёмам Чарняком і Міхаілам Бандарэнкам. Яго асудзілі на 20 дзён арышту, пасьля адбыцьця якіх ён мусіў выйсьці на волю 30 чэрвеня. Аднак Зьмітра пакінулі за кратамі — ён стаў новым фігурантам справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Блогера з Акрэсьціна перавялі ў СІЗА-1 на вуліцы Валадарскага ў Менску. У лісьце, які быў адпраўлены 28 лістапада і дайшоў 10 сьнежня, Зьміцер Казлоў шкадуе, што яму не ўдалося трапіць на фэстываль Уладзімера Караткевіча, «хоць вельмі хацеў бы».