![]()
Трываць застаецца нядоўга. Праблема стасункаў народа і ўлады застаецца надзённай спадвеку. Яна праз усё жыццё цікавіла і мяне. А прад вачыма быў прыклад Сталіна, які з кепскага, недавучанага семінарыста, дзякуючы непамерным амбіцыям, шантажу і інтрыганству, вырас да тырана, знішчыў дзесяткі мільёнаў людзей рэпрэсіямі і голадам. Сустрэчы ў юнацтве са сведкамі арышту, знаходжання і гібелі ў ГУЛАГу майго дзядзькі, паэта Сяргея Ракіты, а пасля, калі працаваў галоўным рэдактарам часопіса «Полымя», з былымі вязнямі, якія засталіся жывымі, з родзічамі знішчаных, удзел у падрыхтоўцы да друку іх успамінаў, пераканалі, што жудаснае зло вырастае з дзеянняў тых, хто займае высокае службовае месца, не маючы адпаведных маральных, адукацыйных і прафесійных якасцяў. Пасля развалу СССР грамадзяне, якіх выхоўвалі на камуністычных ідэях, былі ў разгубленасці. Што рабіць, як быць, куды падацца? Палітычнае невуцтва і ахвочасць да папулісцкіх абяцанак штурхалі людзей да неасталінізму. Ім зноў хацелася «жалезнага парадку», і ён не прымусіў сябе чакаць.