Дэпутат Бундэстага: Патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх беларускіх палітвязняў

Мануэль Сарацын павіншаваў з Калядамі свайго «хрэсніка» - палітвязня Ігара Лосіка. Дэпутат Бундэстага Мануэль Сарацын, хросны беларускага палітзняволенага Ігара Лосіка, даслаў калядны падарунак свайму хрэсніку, а таксама праваабаронцам Вясны. Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco (Partnership for Human Rights) сёлета распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. Гэтая кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Мануэль Сарацын, прэс-сакратар па ўсходнееўрапейскай палітыцы фракцыі “Альянс 90/Зялёныя” ў нямецкім Бундэстагу, у межах кампаніі, як і многія іншыя парламентарыі еўрапейскіх краін, стаў хросным блогера Ігара Лосіка, які знаходзіцца ў СІЗА з 25 чэрвеня. З гэтай нагоды Сарацын заявіў:- Як дэпутат нямецкага Бундэстага я патрабую неадкладнага і безумоўнага вызвалення Ігара Лосіка і ўсіх іншых палітвязняў.