«Веру, што ў нашага Ўрфіна Джуса скончыцца чароўны парашок»

Як раённы начальнік вырашыў пратэставаць на плошчы. Дзьмітры Ткачэнка дзесяць гадоў узначальваў хойніцкі ўчастак «Энэргазбыту». Цяпер ён беспрацоўны; прычына — грамадзянская пазыцыя, перадае «Радыё Свабода». «Майго прадзеда рэпрэсавалі і расстралялі. Я застаўся бяз працы. Але веру, што неўзабаве ў нашага Ўрфіна Джуса скончыцца чароўны парашок для дубаломаў», — жартуе ён. Прадзеда расстралялі ў 1937-м, праўнука рэпрэсавалі ў 2020-м«Хойнікі — бедныя? Гэта цяпер так стала. Уявіце, што пры паўстаньні Тадэвуша Касьцюшкі з гэтых мясьцін Караль Прозар, тагачасны ўладальнік Хойнікаў, сабраў мільён злотых для паўстанцаў!» — нагадвае Дзьмітры. Ён раскладае на стале паперы. Справа — дакумэнты на расстралянага прадзеда. Зьлева — адміністрацыйныя пратаколы і пастановы суду на яго самога. Прадзед Дзьмітрыя незадоўга да арышту і расстрэлу набыў стадолу. «Я таксама нядаўна купіў стадолу, вось цяпер думаю. . . », — сьмяецца Дзьмітры. Ён па тых часах таксама мог трапіць у жорны рэпрэсій, бо мае трактар і іншую тэхніку, зямлю і жаданьне працаваць на ёй эфэктыўна.