Вольга Севярынец: Разам мы і ёсць тым цудам, якога так чакае Беларусь

Жонка Паўла Севярынца распавяла пра салiдарнасць беларусаў. Усё спазнаецца ў параўнанні. Раней я казала: Паша, не ідзі, цябе пасадзяць на 15 сутак, гэта ж паўмесяца, як я буду без цябе. А сёння яго няма ўжо паўгады. Калі бачу яго нумар у тэлефонным спісе, здзіўляюся. Пара ўключаць рэжым доўгацярпення. Нам усім. За гэты час ён 74 дні правёў на Акрэсціна. Два месяца быў у карцары, пра які зараз распавядае Дашкевіч - памерам 2 на 3 метры, без вады, душа, прагулак, кніг, лістоў падтрымкі. Чалавек, які сядзеў насупраць карцара і праз шчыліну мог бачыць, што там адбываецца, казаў - Паша паходзіць з кута ў кут, пакалупае сценку, памахае рукамі, пастаіць, вось і ўсе заняткі. Паша пісаў, што калі вялі яго на Валадарцы на першы допыт, то праводзілі міма камеры, дзе ён 20 год таму пакаяўся, такі моцны знак для яго. Кажа - усё ўзгадалася з новай сілай і верай. Следчы працэс на Валадарцы зараз выглядае - ніяк. Адзіныя сустрэчы са следчым - гэта паведамленне пра працяг меры ўтрымання. Працяг на два месяцы.