Лекі ад страху

Маляваныч вяртаецца, бо менавіта цяпер ён патрэбны як ніколі раней. Раз на год… Раз на год зоркі падаюць у нашы кішэні, мандарынкі танчаць танга, шампан хаваецца ў снезе (дарэмна, усё адно знойдзем!), улада не замінае жыць, а снег спрыяе пацалункам. На каляды шалёны космас спявае блюзы і балады, лузеры частуюцца шляхетнымі дрынкамі, гадзіннікі вярзуць лухту, палітыкі лезуць пад ялінку з камічнымі куплетамі прамовамі. І ўсе ўдаюць, што смерці няма і гэта музыка будзе вечнай. Каляды – краіна казак. Казак, якіх сёлета ўсім нам востра не хапае. Бо гэтым разам усё не так. Чорныя патрулі шчыруюць на вуліцах, белае з чырвоным трапляюць пад крыміналку, вінцяць святароў, падлеткаў пачэсна вітаюць у аўтазаках. Тэлевізар гістэрычна плявузгае нянавісцю. У Купалаўскім пустэча, затое на Акрэсціна – перманентны аншлаг. Тры калядоўшчыкі – ужо несанкцыянаванае шэсце. Асобна ўзятая Каза – адзіночны пікет. Сядзем усе! – крычыць Папанаў з чарговай трансляцыі Брыльянтавай рукі. І ўпершыню над гэтым не стае гумару смяяцца.