Пра перавагі мірнага пратэсту

Месяцы супрацьстаяння грамадзянаў з уладай – гэта ўнёсак у незваротнасць будучых пераменаў. Самая масавая ў гісторыі Беларусі акцыя пратэсту адбылася 16 жніўня 2020 года – праз тыдзень пасля абвяшчэння вынікаў так званых прэзідэнцкіх выбараў. Адначасова ў Менску і ва ўсіх астатніх гарадах, пасёлках і нават вёсках на вуліцы выйшлі сотні тысяч, калі не мільён грамадзянаў. Пратэстоўцы трымалі ў руках крэатыўныя плакаты, бел-чырвона-белыя і дзяржаўныя сцягі. Кабеты выйшлі на акцыю ў прыгожых сукенках і з кветкамі ў руках. Нягледзячы на рэкордную колькасць людзей на вуліцах, не фіксаваліся ніякія акты вандалізму, не было выпадкаў нападу на адміністрацыйныя будынкі, не біліся шыбы ў крамах, не падпальваліся прыватныя аўтамабілі. Словам, пратэст беларусаў быў вельмі арганізаваным, дысцыплінаваным і мірным. Ілюстрацыяй высокай культуры пратэстоўцаў сталіся растыражаваныя па ўсім свеце фотаздымкі грамадзянаў, якія здымалі абутак перад тым, як устаць з нагамі на вулічныя лавы. Незвычайны ўсплёск грамадскай актыўнасці, пік якой прыпаў менавіта на 16 жніўня, абумоўлены некалькімі прычынамі.