Слава Украіне! Жыве Беларусь!

Змаганне наша супраць гэтай улады — партызанскае, штодзённае, штохвіліннае. Амаль чатыры месяцы доўжацца пратэсты ў Беларусі. А навакольны свет тым часам жыве сваім жыццём, час ідзе сваёй хадой, раз-пораз даючы нам, беларусам, прыклады пратэстаў іншых краін — ці то для натхнення, ці то для самааналізу. За гэты час мы спачатку назіралі рэвалюцыю ў Кыргызстане, потым разважалі над пратэстамі ў Польшчы. Але вось і канец восені ды пачатак зімы — і гэта нагода глянуць у бок паўднёвых суседзяў. Не, ва Украіне зараз ціха, але сем год таму было зусім не так. У Майдана 2013-2014 гадоў было столькі важных і лёсавызначальных момантаў, што наступныя тры месяцы ўспаміны будуць часта ўзнікаць у яго ўдзельнікаў. Каб узгадаць, параўнаць і натхніцца. А кім — украінцамі ці намі?Майдан — гэта, бадай, першае, што прыходзіць у галаву, калі патрабуецца нейкая кропка апоры для аналізаў і прагнозаў датычна сёлетніх беларускіх пратэстаў. Насамрэч, прыйшло ў галаву ўсім задоўга да пачатку пратэстаў, а менавіта яшчэ падчас самога Майдану.