Ксёндз Вячаслаў Барок — беларусам: Больш адвагі, выходзьце са сваіх дамоў

Мы перажываем бласлаўлёны час. Каталіцкаму сьвятару з Расонаў (Віцебская вобласьць) Вячаславу Барку прысудзілі 10 сутак арышту. Ксяндза Барка судзілі за тое, што на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку ён разьмясьціў працу мастака Ўладзімера Цэсьлера «Стоп лукашызм». У сувязі з тым, што на малюнку прысутнічае выява нацысцкай свастыкі, публікацыя малюнка сьвятаром расцэненая як дэманстрацыя нацысцкай сымболікі. Сёньня адбылося другое судовае паседжаньне, на якім суд Расонскага раёна вынес вырак. За сьвятара ўжо заступіўся і сам мастак Цэсьлер, які назваў свой малюнак антыфашысцкай працай і абураны такой трактоўкай праваахоўнікаў і перасьледам сьвятара. Ксёндз Вячаслаў Барок пракаментаваў працэс над ім і сітуацыю ў Беларусі ў інтэрвію «Радыё Свабода»:Я разьмясьціў гэты твор тады, калі кожная клетка майго арганізму адчула тое насільле, якое адбываецца ў краіне. Як хрысьціянін я не магу адвярнуцца і сказаць: я ня бачу. Людзі, я гэта бачу. Бачу неправамоцнае насільле, і я супраць аўтарытарнага рэжыму ў Беларусі, які перарастае ў таталітарны рэжым.