Адкрыты ліст журналіста ў другім пакаленні Сяргея Ваганава да журналісткі ў трэцім пакаленні Кацярыны Андрэевай

Трымайся, мы побач! Выданне «Новы Час» апублікавала адкрыты ліст журналіста Сяргея Ваганава да арыштаванай журналісткі «Белсата» Кацярыны Андрэевай:— Дарагая! Я пішу да цябе гэты ліст, і праз няспынныя выбухі і страляніну зноў чую твой голас: «Мы ляжым на падлозе… яны страляюць… кідаюць гранаты… свецяць ліхтарыкамі па вокнах… людзі хаваюцца ў кватэрах… дзякуй гаспадарам…»— Яна што, працягвала весці рэпартаж?! — здзівіўся адзін з нашых сяброў пасля словаў падтрымкі і спачування. Толькі потым мы даведаліся, што граната выбухнула побач з табой…Я пішу да цябе гэты ліст, чую твой голас праз няспынныя выбухі, страляніну, а перад вачыма высокі ўзгорак над Сораццю, прытокам ракі Вялікай, у пушкінскім Міхайлаўскім, і мой тата, твой прадзед, раптам кажа:— Унь, бачыш той мост над Вялікай?. . Так, я бачыў той мост, бачу дасюль, і не магу ўявіць сабе, як мой тата і твой прадзед, маленькі ростам, фізічна не вельмі моцны і, як мне здавалася, не асабліва храбры, прыняў, калі загінуў камбат, камандаванне на сябе:— …мы адбілі тады 19 танкавых атак…Мой тата і твой прадзед патрапіў у той батальён, каб напісаць пра жаўнераў, пра тое, як яны рыхтуюцца да наступу, бо на вайне і ваяваў, і быў журналістам.