«Улада моцна баіцца творчых людзей»

Беларускае паўстаньне праходзіць пад знакам культуры. Паэты, якія выступаюць у дварах, расказалі «Радыё Свабода» пра цікавыя і небясьпечныя сытуацыі і паразважалі, чаму прыхільнікі цяперашняй улады ня ладзяць такіх вечарын. «Наша паўстаньне, спробы нашай рэвалюцыі, відавочна праходзяць пад знакам культуры» Паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч пачаў выступаць пазьней, чым яму хацелася, бо ўвесь верасень праляжаў на самаізаляцыі праз хваробу. Затое з 1 кастрычніка актыўна гастралюе: выступы былі амаль кожны дзень. Цяпер прапановы таксама ёсьць, але яны зрабіліся больш асьцярожнымі. «У прапановах зьявіліся фразы: „Калі вы лічыце патрэбным“, „Калі ня страшна“. . . У дзень масавых арыштаў, калі затрымалі поўны склад „Рэха“, Аракельяна, я проста напісаў, што з гэтай нагоды ў мяне адна заява: „Шаноўныя арганізатары дваровых актыўнасьцяў, пішыце, калі ласка, зьвяртайцеся да мяне“. І таму зваротаў зноў зрабілася болей», — кажа Андрэй Хадановіч. Паэт прызнаецца, што страшна бывае толькі падчас збораў на канцэрт.