Прызнаньне

Ніколі ў жыцьці я так не ганарыўся родным горадам. Менскам, горадам Свабоды. Ніводзін год не зьмяняў мяне так, як зьмяніў 2020-ы. Думаю, усе мы такія. Упершыню я быў гатовы прызнаць, што належу да народу. Да бяззбройнага эўрапейскага народу, які кінуў выклік узброенай бандзе. . . Задоўга да таго, як Усё Гэта Пачалося, я працаваў над фантастычным раманам «Сьвятая Кацярына», у якім быў такі сюжэт: у Менску зьяўляецца іншаплянэтніца і распачынае рэвалюцыю. Іншага шанцу на зьмены я тады ня бачыў. Раман я так і не закончыў. На Менск упала зь неба спадарыня Ціханоўская — і рукапіс быў адкладзены да іншых, горшых часоў. І вось яна пачалася проста за вокнамі. Наша рэвалюцыя. Сумневаў у гэтым мы ніколі ня мелі. Ні тады, ні цяпер. Мы не сумняваліся ў гэтым 9 жніўня 2020 году, калі зранку пайшлі ў масюкоўшчынскую школу, каб аддаць за СЦ адзін з нашых галасоў, а потым паехалі ў Шабаны, каб аддаць другі, і ўвечары вярнуцца туды, дзе былі раніцай, і чакаць пратаколу, які так і не зьявіўся, і падпісваць у цемры на нейкім камені ліст пратэсту, і крычаць «Ганьба!» аўтобусу, які пад міліцэйскай аховай выехаў з школьнага двара — а з боку Пушкінскай ужо грымела, і неба над раёнам палала, і было ясна: вось яно пачынаецца.