![]()
Як доктарка-пэнсіянэрка выйшла на акцыю салідарнасьці з Раманам Бандарэнкам. 57-гадовую магіляўчанку Сьвятлану Лявончык, урача-пэдыятра з шматгадовым стажам, зьняволілі за акцыю салідарнасьці з Раманам Бандарэнкам, перадае «Радыё Свабода». Тры дні яна прабыла ў ізалятары ў чаканьні суду. Якой пабачыла няволю лекарка і чаму наважылася пратэставаць?Сьцісла пра Сьвятлану Лявончык:Нарадзілася ў Магілёве. У 1986 годзе скончыла ў Менску мэдынстытут. 34 гады адрабіла ўрачом-пэдыятарам. Два месяцы як на пэнсіі. Выгадавала траіх дзяцей. Мае траіх унукаў. Даглядае 80-гадовую маці. У 50 гадоў узялася вучыць ангельскую мову. Любіць вандраваць па Індыі. Жыла ў індускай сям’і і бачыла Далай-ламу. Беспартыйная. 26 лістапада яе асудзілі на 3 сутак арышту за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Сьвятлана Лявончык кажа, што ўсьцешаная грамадзкім узрушэньнем у Беларусі, але ў яе «разрываецца сэрца, што за яго даводзіцца плаціць чалавечымі жыцьцямі і трагедыямі». Да арышту Віктара Бабарыкі Сьвятлана Лявончык старанілася палітыкі, а пасьля пачала цікавіцца выбарчай кампаніяй.