Раз на сто год здзіўляем свет

Масавасць пратэстаў, самаарганізацыя дэманстрантаў, рух салідарнасці і настойлівасць беларусаў у дасягненні сваёй мэты ўражваюць. Раз на сто год беларусы здзіўляюць не толькі сябе, але і ўвесь свет. У лістападзе 1920 года расейскія бальшавікі не чакалі, што ў “папяровай” БНР раптам з’явіцца сапраўднае войска. Слуцкае паўстанне, дзякуючы намаганням палітыка Паўла Жаўрыда, падтрымала ідэалы БНР, учорашнія сяляне-жаўнеры ўзялі ў рукі бел-чырвона-белыя сцягі. А афіцэры начапілі на фуражкі цэшкі з “Пагонямі”. У тыя гады па ўсёй еўрапейскай частцы былой Расейскай імперыі пракацілася хваля сялянскіх паўстанняў, якія выбухалі праз празмерную жорсткасць рэалізатараў “продразвёрсткі” і ў адказ на чэкісцкія рэпрэсіі. Але, у адрозненне ад Слуцкага паўстання, падобныя выступленні сялянаў мелі стыхійны характар, іх кіраўнікі былі часта самаабвешчанымі атаманамі, палітычны парадак дня, як правіла, не агучваўся. Што да Слуцкага Збройнага Чыну — гэта была сапраўдная ўрачыстасць дэмакратыі.