Біскуп Пінскі: 2020 год - час выпрабаванняў

Зварот Антонія Дзям’янкі на Адвэнт. Зварот біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі на Адвэнт апублікаваў сайт catholic. by:- Дарагія ў Хрысце браты і сёстры!Перад намі Адвэнт 2020 года. Гэта няпросты час, які, хутчэй за ўсё, надоўга застанецца ў нашай памяці. Гэта зусім іншы час, які моцна адрозніваецца ад падобнага перыяду ў мінулым годзе. У пэўным сэнсе, можам назваць яго часам выпрабаванняў. Некаторыя людзі губляюць надзею, некаторыя не знаходзяць у сабе сілы любіць, іншыя становяцца абыякавымі, поўнымі страхаў. Яшчэ іншыя лічаць, што ім дастаткова жыць для сябе, а хтосьці думае, каб проста неяк усё перажыць. На фоне ўсіх тых цяжкасцяў, якія нас напаткалі, папулярнай становіцца тэма крызісу. Кажуць пра крызіс веры, крызіс любові, крызісы ў самых розных сферах жыцця. У гэты складаны час мы ўваходзім у Адвэнт. Ён мае сваё пасланне і свой адмысловы заклік надзеі. Нязменны на працягу шматлікіх стагоддзяў. Гэта пасланне пра Збавіцеля і пра Збаўленне. На працягу гісторыі яно напэўна гучала вельмі па-рознаму ў розныя эпохі: у часы войнаў, катаклізмаў, эпідэмій, патрасенняў у глабальных маштабах і ў індывідуальных вымярэннях чалавечых жыццёвых драмаў.