Знойдзены невядомы фотаздымак аднаго з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну

Фотафакт. Да стагоддзя „Дня Герояў” у сацыяльных сетках з’явіўся раней невядомы фотаздымак аднаго з кіраўнікоў Слуцкага збройнага чыну, ці Слуцкага Фронту БНР 1920 года, Уладзіміра Пракулевіча, паведамляе racyja. com. фота з сайта: racyja. com Захоўваецца арыгінал фота ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Масквы. Гарадзенскаму гісторыку Аляксандру Горнаму фотаздымак пераслалі расейскія калегі Ігар Барынаў ды Генадзь Рыжэнка. Кажа Аляксандр Горны:– Было знойдзена некалькі спраў у гэтым архіве, якія датычацца аднаго з лідараў Слуцкага паўстання, кіраўніка беларускай Рады Случчаны – Уладзіміра Пракулевіча. Гэта яго студэнцкія справы, ён скончыў маскоўскі ўніверсітэт, юрыдычны факультэт. Уладзімір Пракулевіч уваходзіў у тую кагорту беларускіх дзеячаў, якія мелі рэальную скончаную вышэйшую адукацыю. Ён меў дыплом юрыста. І менавіта ў гэтых справах знаходзяцца фотаздымкі, толькі адзін здымак Уладзіміра Пракулевіча – гэта з яго следчай справы – Саюза вызвалення Беларусі.