Беларусы мужна ідуць наперад

На аптымізм і ўпэўненасць у перамозе настройвае сумленне і неўміручая любоў да Айчыны. Шчаслівым чалавекам я быў часта. Калі ўпершыню ў маленстве адчуў хараство акаляючага свету і ўсвядоміў сваю прысутнасць у ім, калі ўбачыў нешта вартае ў напісаных вершах, калі сустрэў каханне, калі нарадзіліся дочкі Алена і Святлана, унучка Марына і ўнук Францішак. Цяпер, нягледзячы на жахлівы стрэс, знясільваючыя маральныя і фізічныя пакуты, цяжкія і незваротныя людскія страты, якія перажывае грамадства па віне нахабнага нелегітымнага ўзурпатара і яго садыстаў, я ўпэўнены, што народ абавязкова выйдзе з зацяжнога піке нацыянальнай, палітычнай, эканамічнай і культурнай дэградацыі на шлях адраджэння, свабоды і дэмакратыі. Помню, як некалі адчуваў на сабе, што ў агні пакутаў і выпрабаванняў выгарае ў душы смецце, занесенае нахрапістай савецкай ідэалогіяй і хлуслівай прапагандай, стваральнікамі гістарычных міфаў, якія запаланілі школьныя і ўніверсітэцкія падручнікі. Дзякуючы полымю горкай праўды, абвастраліся інстынкты і пачуцці, мацнела, налівалася нязломнай сілай душа.