![]()
Прымусь дурня Богу маліцца, дык ён і лоб разаб’е. Ваенна-карная аперацыя супраць уласнага народа, якую праводзіць улада вось ужо чацвёрты месяц, выйшла на якасна новы ўзровень. Кінуўшы за краты больш за трыццаць тысяч мірных грамадзян, прыхільнікі новага парадку на гэтым не супакоіліся і абвясцілі знішчальную вайну… арт-аб’ектам. Днямі ў сталічным мікрараёне “Усход” сярод белага дня спецбрыгадай камунальнікаў была ліквідавана Эйфелева вежа. Дакладней, шасціметровая копія той, якая ўзвышаецца над Парыжам. фота: nv-online. info Чым жа правінілася перад уладай тая бедная вежа, меншая сястра парыжскай знакамітасці? Аказваецца, яе, што пятнаццаць гадоў ціхмяна прастаяля на сваім месцы, нядаўна прызначаны «мэр» Мінска Уладзімір Кухараў залічыў у апазіцыянеры. Прычына – бел-чырвона-белая афарбоўка вежы. Двойчы камунальнікі перафарбоўвалі яе ў шэры колер, і двойчы белы і чырвоны вярталіся на яе ажурныя канструкцыі. І вось ці то шэрая фарба скончылася, ці то цярпенне ў мэра, але вежу спілавалі і вывезлі ў невядомым кірунку.