![]()
Tое, што мы моцныя і што мы шмат можам, ведаюць тыя, хто займаецца беларускай гісторыяй. Адкуль у беларусаў з’явілася адчуванне «другаснасці», што нам гавораць расстраляныя паэты і як беларуская літаратура стала «беллітам»? Даследчыца і настаўніца Ганна Севярынец распавядае пра гэта ў мінскіх дварах, піша «Новы час». Выступ, з якім Ганна Севярынец наведвае мінчукоў і не толькі ў іх дварах, называецца «Непаслухмяныя дзеці рэвалюцыі». Ён прысвечаны беларускім літаратарам, якія трапілі пад сталінскія знішчэнні. Але разам з тым — усім нам сучасным, бо сёння мы зноў перажываем хвалю рэпрэсій. І галасы тых — маладых, сапраўды геніяльных, забітых — праз 80 гадоў нарэшце могуць дакрычацца да нас, іх імёны цяпер — не толькі на зжаўцелых старонках архіваў, але і на вуснах вольных беларусаў. — Усе, хто вучыўся ў беларускіх школах, вырасталі з адчуваннем, што мы нейкія другасныя, не такія, як нашы суседзі. Што ў іх ёсць вялікая культура, літаратура, цікавыя музеі, прыгожыя гарады. А ў нас — нічога: літаратура, у якой пішацца, у асноўным, пра Вялікую айчынную вайну і пра вёску, нейкія паэты, якія ні ў якое параўнанне не ідуць з іншымі, у нас няма нічога такога, чым мы можам пахваліцца перад іншымі краінамі.