Канадзкі гісторык Дэйвід Марплз: Сыход Лукашэнкі — хуткая справа

Гэта можа здарыцца імгненна. Прафэсар гісторыі Дэйвід Марплз — спэцыяліст у пытаньнях Беларусі, Украіны і Расеі, працуе ва Ўнівэрсытэце Альбэрты ў Эдмантане, Канада. «Радыё Свабода» пагаварыла з прафэсарам Марплзам пра прэзыдэнцкую кампанію ў Беларусі, беларускія пратэсты і пэрспэктыву ўтрыманьня ўлады Аляксандрам Лукашэнкам. — Калі мы з вамі гаварылі перад прэзыдэнцкімі выбарамі, у чэрвені і ў ліпені, вы прадказвалі, што зьмены ў Беларусі не наступяць сёлета. Калі мець на ўвазе галоўную зьмену — зьмену Лукашэнкі, дык вы праўдападобна мелі рацыю. Але вы таксама прадказвалі, што Сьвятлана Ціханоўская, калі яе зарэгіструюць кандыдатам у прэзыдэнты, не складзе сапраўднай канкурэнцыі Лукашэнку. Сапраўднага канкурэнта вы бачылі ў Бабарыку, які да сёньня застаецца ў турме. Як вам бачыцца беларуская сытуацыя цяпер? Ці не зьдзівіла вас тое, што здарылася ў Беларусі ў жніўні і ў наступных месяцах?— Шчыра кажучы, так, зьдзівіла. Ніхто ня любіць, калі яго прадказаньні супастаўляюць з рэчаіснасьцю, усе мы робім памылкі… Як думаю, Лукашэнка недаацаніў прывабнасьць і харызму Сьвятланы Ціханоўскай, якая аказалася моцным кандыдатам, і вельмі цікавым.