![]()
Пратэсты ў Беларусі — гэта новая форма нацыянальнага руху. Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту і былы міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі расказвае ў інтэрвію «Радыё Свабода», як яго зьдзівілі пратэсты ў Беларусі i разважае пра іх прычыны. — Тры месяцы, больш за сто дзён, у Беларусі адбываецца рэвалюцыя, пратэсты, па-рознаму можна гэта называць. Беларусы чакаюць падтрымкі з боку ЭЗ. Зразумела, усё адбываецца ў самой Беларусі, і спадзеў гэты меншы, чым раней, бо людзі разумеюць, што гэта яны ўсё вырашаюць. Тым ня менш, чаканьні пэўныя ёсьць. Але ня бачна, каб Брусэль неяк актыўна займаўся Беларусьсю. Можа, вы нешта ведаеце пра гэта больш, каб абвергнуць пэсымістычныя ацэнкі беларусаў?— Я б не абвінавачваў Брусэль у тым, што ён не цікавіцца. З маіх размоваў у Камісіі па замежных справах Эўрапарлямэнту, з размоваў з высокім прадстаўніком або дэпартамэнтамі Эўразьвязу, пратэсты беларусаў супраць сфальсыфікаваных выбараў актыўна цікавяць і выклікаюць чалавечую сымпатыю да людзей, якія змагаюцца за свабоду.