![]()
Пра дабро як форму пратэсту. Падзеі вакол нас даўно ўжо набылі біблейны характар. Нават нерэлігійны чалавек, угледзеўшыся, лёгка заўважыць: тут сапраўды ідзе не палітычная барацьба, а змаганьне, даруйце за патас, Дабра са Злом. Нейкім незаўважаным, але пераканаўчым чынам канфлікт з палітычнага імкліва пераўтварыўся ў маральны. Калі прыняць за маральную норму патрабаваньні рэжыму, цяпер у нас зьяўляецца злачынствам: памятаць сваіх мёртвых, ушаноўваць іх памяць кветкамі, даваць прытулак тым, хто ў небясьпецы, падвозіць ваду тым, хто яе ня мае, казаць праўду, абараняць затрыманых ці звольненых калег і сваякоў, заклікаць да спыненьня гвалту, апэляваць у сваіх патрабаваньнях да народу. Наадварот, правільным і ўхвальным зьяўляецца: ілгаць, ілжэсьведчыць, кідаць сваіх у бядзе, біць нагамі памінальныя лямпадкі, выдаваць тых, хто схаваўся ад небясьпекі, зачыняць дзьверы перад тымі, хто баіцца. Калі царква заклікае не апаганьваць памяць мёртвых — ёй загадваюць заткнуцца. Калі, наадварот, царква ўхваляе гвалт над людзьмі — ёй даюць месцы ля мікрафонаў.